У Мінску пачаліся прэвентыўныя затрыманні?
Паводле звестак праваабаронцаў, за краты трапілі, як мінімум, чацвёра фанатаў футбольнага мінскага "Дынама".
У Мінску затрымалі некалькіх фанатаў футбольнага мінскага "Дынама". Як інфармуе правабарончы сайт spring96.org, увечары 7 траўня адбыўся ператрус у кватэры Юрыя Белавусава. Міліцыянеры забралі яго камп'ютар і планшэт, самога мінчука завезлі ў Фрунзенскі РУУС. Верагодна, сёння адбудзецца суд.
З чым звязанае затрыманне і ператрус, Белавусаў не ведае. Паводле яго слоў, раней былі затрыманыя і пакараныя адміністрацыйным арыштам трое дынамаўскіх фанатаў. Іх сябры лічаць, што адбываюцца прэвентыўныя затрыманні перад святочнымі мерапрыемствамі, якія пройдуць у сталіцы 9 траўня.
Здымак з архіву.