У Мінску міліцыя мірыла былых сужэнцаў і знайшла нелегальны алкаголь

Прадаўца нелегальнага алкаголю выявілі міліцыянты ў Кастрычніцкім раёне Мінска. Пачалася гісторыя са званка ў дзяжурную частку ад жанчыны, якая прасіла праваахоўнікаў вырашыць канфлікт з яе былым мужам.

Міліцыя прыехала на месца выкліку і даволі хутка памірыла былых сужэнцаў, якія жывуць у адной кватэры. Аднак жанчына паведаміла праваахоўнікам, што былы муж незаконна гандлюе алкаголем. Кватэру абшукалі і знайшлі там 22 літры спіртнога, разлітага ў розныя ёмістасці.

Як высветлілася, мужчына набываў алкаголь у Расіі. Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка. На гандляра спіртным склалі адміністратыўны пратакол у цяпер яго чакае выплата штрафу да 100 базавых велічынь, перадае прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.