У Мінску людзей пяць гадоў кармілі мясам з могільнікаў, нават дзяцей у садках

Мяса, ілюстрацыйнае фота
Пяць гадоў у Мінску і раёне людзей кармілі мясам з могільнікаў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Генпракуратуры, тэкст якога "Белсату" перадалі ўдзельнікі "Белпола". Арганізаваныя групы збіралі падаль у Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.
Ліст пра незаконы абарот мяса старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара накіраваў у сакавіку тагачаснаму прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку. Пазней віцэ-прэм’ер па сельскай гаспадарцы Юрый Шулейка даслаў міністрам гандлю, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, старшыням аблвыканкамаў і старшыні Дзяржстандарту просьбу разгледзець праблемы, узнятыя ў лісце СК.
Арганізатарам схемы следчыя лічаць індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Старавойтава. Схема дзейнічала ў 2021—2024 гадах.
Гаворыцца, што Старавойтаў кантраляваў тры кампаніі — "РэалМiтГандаль", "Аграмітстар" (спыніла дзейнасць пры рэарганізацыі 28 снежня 2023 года) і "Мітконер". Першая фірма закупляла мяса (у тым ліку праз біржу) і перадавала другой фірме, дзе адбывалася яго перапрацоўка і фасоўка. Пры гэтым законна купленую ялавічыну змешвалі з незаконна здабытай, у тым ліку са здыхляцінай.
Паводле інфармацыі следства, на перапрацоўванне паступіла не менш за 57 тонаў недабраякаснага мяса.
Як выявілася, нарыхтоўчы цэх дзейнічаў у найманым памяшканні па вул. Лідскай, 22. У гэтым жа будынку размяшчаецца ЖЭУ №9 Фрунзенскага раёна Мінска. Таксама пад тым жа адрасам месцяцца пункт аховы парадку, ветэрынарная клініка, дзіцячыя і дарослыя студыі танцаў і спеваў.
Паводле інфармацыі СК, да працы з мясам прыцягвалі "розных асоб, у тым ліку тых, якія вялі асацыяльны лад жыцця, без афармлення працоўных стасункаў і выканання патрабаванняў наконт абавязковага папярэдняга медычнага агляду". За год, як выявілі следчыя, перапрацоўвалі не менш за тысячу тон прадукцыі.
"Аграмітстар" і "Мітконер" пазіцыянавалі сябе як аб’екты грамадскага харчавання. Але ні яны, ні "РэалМiтГандаль" не былі ўнесеныя ў Гандлёвы рэестр ці Рэестр вытворцаў.
Пасля перапрацоўвання мяса фірма прадавала паўфабрыкаты оптам. Адным з яе пакупнікоў была ГКУП "Дробнааптовая база на Заходняй". І якраз гэтая кампанія пастаўляла прадукты ў садкі Мінска і раёна, а таксама школы і бальніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.