У Мінску будуць судзіць за забойства, учыненае 25 гадоў таму

У Мінску будуць судзіць за забойства, учыненае 25 гадоў таму

У Мінску будуць судзіць 43-гадовага прадпрымальніка за забойства, учыненае 25 гадоў таму. Пракуратура накіравала ў Мінскі гарадскі суд матэрыялы крымінальнай справы.

Як паведамляе БелаПАН, 25 ліпеня 1990 года абвінавачаны, якому тады было 18 гадоў, разам з непаўналетнім саўдзельнікам праніклі ў кватэру дома на вуліцы Янкі Маўра ў Мінску. Наводчыкі паведамілі, што там павінна было быць шмат залатых вырабаў. У кватэры аказаўся 62-гадовы мужчына. Атрымаўшы ад злачынцаў удар па галаве, ён тым не менш аказаў супраціўленне, але быў збіты і забіты 19 ударамі нажом. Золата ў кватэры злачынцы не знайшлі, забралі аўдыётэхніку і касеты. У той час знайсці і затрымаць злачынцаў не ўдалося.

Пасля падзеяў 1990 года абвінавачаны, цяпер індывідуальны прадпрымальнік, быў яшчэ некалькі разоў судзімы за маёмасныя і палавыя злачынствы. Падчас расследавання аднаго з апошніх па геному ўдалося ўстанавіць яго дачыненне да забойства 25-гадовай даўнасці.

Згодна з беларускім крымінальным заканадаўствам толькі суд можа вырашыць, вызваліць абвінавачванага ў забойстве з абцяжарвальнымі абставінамі ад пакарання ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці або асудзіць яго.

Фота: Fotolia