У Мінску будуць судзіць адразу 55 чалавек

Суд
Генпракуратура перадала ў суд крымінальную справу, па якой у махлярстве вінавацяць 55 чалавек. Сума шкоды ад дзейнасці міжнароднай банды перавысіла 2,5 мільёна рублёў.
Ашуканскія "кол-цэнтры" размяшчаліся на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Кыргызстана. Яны размяшчалі ў інтэрнэце фальшывую інфармацыю пра магчымасць прыбытку ад інвестыцый у неіснуючыя фінансавыя кампаніі.
Гаротных "інвестараў" угаворвалі ўкласці як мага больш грошай. Як толькі "інвестар" хацеў вывесці заробленыя грошы, яму пад рознымі падставамі ў гэтым адмаўлялі.
Праца ў арганізацыі была структураваная па розных аддзелах і ўзроўні. Напрыклад, да першаснага грашовага ўнёску чалавека ўгаворваў аддзел "Sales". Потым з пацярпелым звязваліся работнікі аддзела "Retention", каб угаварыць яго на далейшыя плацяжы. Існавалі і іншыя аддзелы, у тым ліку "HR", які падбіраў новых супрацоўнікаў.
Дзейнасць махлярскіх кол-цэнтраў была спыненая ў студзені 2024 года, тады затрымалі адразу 48 чалавек. Падчас следства намеснік генпракурора заключыў дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве з 49 асобамі, якія садзейнічалі следству.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.