У Мінску апрануць дзіця ў італьянскія рэчы танней, чым ў беларускія (фота)

Мінчанка Анастасія на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы абураецца: апранула сына ў італьянскую вопратку, і гэта аказалася танней, чым купляць беларускае.

“Гэта быў не распродаж, новая калекцыя. Мы былі ў краме Benetton, кашуля каштавала 105 тысяч, камізэлька, праўда, была як беларуская — 165 тысяч рублёў, але па якасці зусім іншая, вельмі якасная камізэлька з воўны”, — распавядае маці. Дзяўчыну абурае тое, што рэчы беларускага вытворцы даражэйшыя за імпартныя!

Еду ў краму на свае вочы паглядзець, ці таннейшыя рэчы італьянскай маркі.

Вопратка для жанчын і мужчын гэтай фірмы дарагая. Аднак дзіцячыя рэчы і сапраўды не такія і стратныя для кішэні!

Знаходжу кашулі, джынсы, курткі, тыя ж камізэлькі. Кашуля каштуе 100-107 тысяч, штаны класічныя — 180, куртка — 380-500 тысяч рублёў. І гэта фірмовыя добрыя рэчы, вельмі прыемныя навобмацак, а таксама мяккія і прыемныя для цела.

“У нас проста на дзіцячую вопратку мінімальныя надбаўкі, не такія высокія, як на адзенне для дарослых людзей”, — кажа мне кансультантка крамы.

Падлічваю: каб апрануць 10-12-гадовага хлопца ў кашулю, штаны і камізэльку плюс куртка, спатрэбіцца каля 1,1 мільёна рублёў.

Еду ў ГУМ, дзе выбар кашуль, штаноў, куртак вельмі вялікі.

“Куртка — 900 тысяч, кашуля — 120-140, штаны — 120, куртка — 900, джынсы — 300", — прыводзяць кошты ў ГУМе на вопратку на 10-12-гадовага хлопчыка.

Прычым, вытворца самы што ні на ёсць беларускі. Але кошты! Кашулі дасягаюць і 160 тысяч рублёў, штаны тыя ж — 180 тысяч, а джынсы танней за 250 не знайсці!

Вось як, да прыкладу, адносіцца да таго, што куртка віцебскай швейнай фабрыкі “Бель Бімба” каштуе амаль мільён?! У цэлым жа, каб апрануцца ў беларускае, патрэбна болей за 1,6 мільёна!

Дык чаму беларускія рэчы, якія ніадкуль з-за мяжы везці не трэба, даражэйшыя за імпартныя?

На віцебскім прадпрыемстве, дзе шыюць дзіцячую вопратку “Бель Бімба” спачатку крыўдуюць і кажуць, што якасць у іх лепшая, ды і прадукцыю яны часам прадаюць танней за сабекошты!

“У іх мо падкладка кітайская і яна будзе “страляць”, а ў нас нічога не страляе, у нас гэта недапушчальна! Імпартная рэч, яна не будзе таннейшая за беларускую, калі толькі закупка недзе ў Маскве не будзе з кітайскім пашывам — тады пагаджуся. Да таго ж мы зараз калекцыю восень-зіма прадаём ніжэй за сабекошт! Самі ведаеце, як у нас рынак упаў зараз. Калі ўзяць “Світанак”, яны таксама танныя — а ў іх гэтыя зайчыкі-коцікі малюнак мо з 1990-х гадоў, а ў нас тэрмадрук, велюр!” — намякаюць на сваю сучаснасць ў эканамічным аддзеле віцебскай фабрыкі.

Але пасля доўгіх размоваў тут прызнаюць: дарагая вытворчасць, таму і сабекошты кусаюцца. Сыравіна, якую часта прывозяць з-за мяжы, энергія, падаткі — усё гэта закладаецца ў сабекошт курткі. Таму і канкурэнцыю беларуская вопратка па коштах не вытрымлівае.

“Чаму так каштуе, я не змагу вам сказаць — трэба разбіраць мадэль, мо там пух-пакет стаіць, а  гэта прывозіцца з-за мяжы”, — кажуць на фабрыцы.

Табліца: Колькі каштуе школьны набор для школьніка (арыентыровачна 10-12 гадоў).

ГУМ

Benetton

Кашуля

120-160000 руб.

106 – 140 000 руб.

Штаны

170 000-200000 руб.

170-180 000 руб.

Куртка

900 000 руб.

каля 450 000 руб.

Камізэлька

165 000 руб. 

165 000 руб.

Джынсы

300 000 руб.

230 000 руб.

1695000 рублёў

1131000 рублёў