У Мінскім раёне махляр “прадаваў” чэргі на атрыманне зямельных участкаў
Суд Заводскага раёна Мінска вынес вердыкт па справе жыхара Мінскага раёна, які падбухторваў да дачы хабару і займаўся махлярствам у асабліва буйным памеры. За гэтыя злачынствы 47-гадовы мужчына атрымаў 10 гадоў турмы.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўпраўленне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі, гэты непрацуючы грамадзянін уваходзіў у давер людзей, якія хацелі пабудаваць дамы ў Бараўлянах. Ён выдаваў сябе за ўплывовую асобу і казаў, што нібыта мае сувязі сярод чыноўнікаў сельсавета. За ганарар у памеры ад 5 да 7 тысяч долараў ён абяцаў паспрыяць у атрыманні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва па-за чаргой.
За выбар канкрэтнага месца, напрыклад, на беразе возера ці бліжэй да лесу, махляр прасіў сваіх кліентаў дадаць яшчэ 3 тысячы долараў.
Так працягвалася тры гады. За гэты час зламыснік паспеў падмануць 27 грамадзян. Агульная сума хабару склала болей за 110 тысяч долараў. Гэтыя грошы махляр патраціў на дарагія машыны, элітныя клубы і рэстараны, а таксама на адпачынак за мяжой.
У снежні Генпракуратура завяла на мужчыну крымінальную справу, аднак ён хаваўся ад праваахоўнікаў, пакуль былі грошы. Потым грошы скончыліся і ён стаў начаваць на вакзале. Там ён выпіваў разам з бамжамі, а сродкі на існаванне браў з выпадковых заробкаў.
Папаўся ён тады, калі зноў паспрабаваў выманіць грошы “продажам” чаргі на зямельны ўчастак. Яго затрымалі падчас правядзення чарговай здзелкі.
Апроч 10 гадоў зняволення, яму прысудзілі канфіскацыю маёмасці і кампенсацыю стратаў пацярпелым.
Фота з архіву