У мінскім манастыры выступілі Z-манашка і ўдзельнік расійска-ўкраінскай вайны
Манашка Яўгенія і камандзір расійскага атрада Міхаіл / YouTube / @obitel_minsk
На сястрычным сходзе мінскага Свята-Елісавецінскага праваслаўнага манастыра выступілі манашка Яўгенія (Цыўцывадзэ) і камандзір добраахвотніцкага атрада імя князя Аляксандра Неўскага, якога завуць Міхаіл. Сустрэча з імі адбылася 10 снежня і працягвалася паўтары гадзіны, піша ТГ-канал "Хрысціянская візія".
Госці падзякавалі манастыру за дапамогу расійскім салдатам: цеплавізары, навушнікі, форму, ежу, лісты і г.д. Яны папрасілі не спыняць гэтую дапамогу.
Падчас размовы прагучала, што Расія ўдзельнічае ў вайне з сатанізмам і што ў гэтай бітве нараджаецца новая Расія, якая не ходзіць у Макдональдс, і г.д.
Камандзір Міхаіл сказаў, што ў баях за Бахмут загінулі 20 тысяч расійскіх салдатаў. Такія страты ён назваў неймавернымі.
Пад канец сустрэчы протаіерэй Андрэй Лемяшонак паведаміў, што ў 2020 годзе Беларусь таксама хацелі падзяліць, але яе выратаваў Лукашэнка з аўтаматам у руках.
Свята-Елісавецінскі манастыр не толькі збіраў грошы для расійскіх салдатаў, якія акупуюць Украіну. Таксама яго супрацоўнікі даслалі расійскім вайскоўцам дрон. Ад акупацыйнай адміністрацыі так званай "ДНР" яны атрымалі грамату.