У Мінскай вобласці вучацца фарміраваць атрады народнага апалчэння

На зборах войскаў тэрытарыяльнай абароны ў Магілёўскай вобласці / @modmilby
Адразу ў некалькіх рэгіёнах Беларусі на гэтым тыдні праходзяць вучэнні і зборы "з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў". Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны.
Адзін з такіх збораў пачынаецца ў Вілейскім раёне. Ён будзе доўжыцца да 26 красавіка. Удзельнікаў збору размесцяць "з задзейнічаннем мясцовай базы мабілізацыйнага разгортвання" і будуць рыхтаваць да "выканання задач у адпаведнасці з ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі і службовым прызначэннем". Адна з задач збору, адзначылі ў ваенным ведамстве, "адпрацоўка пытанняў фарміравання, падрыхтоўкі і прымянення атрада народнага апалчэння".
У Гродзенскай вобласці падобны збор пройдзе ў Воранаўскім раёне. Але ён будзе доўжыцца ўсяго некалькі дзён — з 2 па 4 красавіка. Мэта гэтага вучэння, кажуць у Мінабароны, удасканаленне навыкаў афіцэраў запасу і навучанне асабістага складу. Удзельнікі вучэнняў павінны будуць практыкавацца ў ахове і абароне аб'екта теробороны, а таксама ў забеспячэнні мер ваеннага становішча з прыцягненнем добраахвотнікаў народнага апалчэння.
У гэтыя ж тэрміны — з 2 па 4 красавіка — вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны пройдуць у Рагачоўскім і Кармянскім раёнах Гомельскай вобласці. Тут ваенныя ставяць падобныя мэты — ацаніць гатоўнасць, удасканальваць навыкі афіцэраў запасу і навучыць асабісты склад выкананню сваіх абавязкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.