У мінскай школе прымушаюць уступаць у піянеры. Як законна гэтаму супрацьстаяць?

Школьнікаў пагрозамі змушаюць уступаць у піянерскую арганізацыю / pramen-grodno.by
У адной са сталічных школ класная кіраўніца пагражае дзіцяці, што яно не паступіць у профільны клас, калі не ўступіць у піянерскую арганізацыю. Паводле слоў бацькоў, акрамя трох творчых экзаменаў, настаўніца адкрыта заяўляе, што факт піянерства будзе ўлічвацца пры залічэнні.
У чаце, дзе абмяркоўвалася гэтая праблема, бацькі падкрэсліваюць, што ўдзел у піянерскай арганізацыі не павінен уплываць на прыём, дзе конкурс фарміруецца на падставе творчых экзаменаў і профілю навучання.
Яны раяць звяртацца ў ўпраўленне па адукацыі са скаргамі і доказамі парушэнняў. Такія дзеянні могуць разглядацца як парушэнне Закона «Аб грамадскіх аб’яднаннях» і заканадаўства аб роўнасці грамадзян.
У прыватнасці, артыкул 190 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за абмежаванне правоў грамадзян па прыкмеце прыналежнасці або непрыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў — аж да крымінальнага пакарання.
Бацькі нагадваюць, што такія патрабаванні парушаюць правы дзяцей і іх законных прадстаўнікоў, бо паводле заканадаўства, уступленне ў грамадскія арганізацыі ў Беларусі магчыма толькі на добраахвотнай аснове і патрабуе пісьмовай згоды бацькоў.
Таксама яны адзначаюць, што згодна з артыкулам 151 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, крытэрыі прыёму ў школы павінны быць празрыстымі і не могуць уключаць патрабаванне сяброўства ў піянерскіх арганізацыях.
Закон абавязвае ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу паважаць правы і свабоды дзяцей і іх прадстаўнікоў.
Бацькам, якія сутыкнуліся з падобнымі сітуацыямі, рэкамендуюць фіксаваць усе патрабаванні ў пісьмовай форме, збіраць доказы і накіроўваць скаргі ў органы адукацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.