У мінскай кватэры знайшлі забітага хлопчыка, а каля дома — мёртвую жанчыну
У Мінску распачалі крымінальную справу па факце забойства 9-гадовага хлопчыка. Яго цела знайшлі 5 верасня ў адной з кватэр. Вось што распавяла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова:
"У адной з кватэр горада Мінска быў знойдзены з прыкметамі гвалтоўнай смерці 9-гадовы хлопчык. Таксама ў двары гэтага дома было знойдзена цела жанчыны, 1983 года нараджэння. Яно ляжала на тратуары каля пад'езда з прыкметамі падзення з вышыні. Прызначаны судова-медыцынскія экспертызы, якія высветляць дакладныя прычыны смерці хлопчыка, а таксама жанчыны, якую знайшлі каля ўваходу ў жылы дом, дзе знаходзіцца кватэра. Асобы абодвух устаноўлены".
Як адзначае прэс-служба Следчага камітэта, загінулая жанчына — гэта маці аднаго з аднакласнікаў хлопчыка. Адзначаецца, што расследаванне кантралюе кіраўніцтва Следчага камітэта.