У Мінфіне Расіі прыдумалі, як адказаць беларусам на іх прэтэнзіі

Расійскія чыноўнікі не хочуць уключаць пытанне аб кампенсацыі страт Беларусі ад "падатковага манеўра" на разгляд "групы высокага ўзроўня" саюзнага Саўміна. Лічаць гэта "немэтазгодным", паведамляе "Інтэрфакс", які спасылаецца на ліст Міністэрства фінансаў Расіі (з ім удалося азнаёміцца журналістам). Там разглядалі прапанову МЗС Беларусі аб уключэнні згаданага пытання ў парадак дня. І што прыдумалі ў Мінфіне РФ? Заявілі, што прэтэнзіі беларусаў наконт кампенсацыі страт ад "падатковага манеўра" ў расійскім нафтавым сектары "абмяжоўваюць суверэннае права Расійскай Федэрацыі на правядзенне ўнутранай палітыкі" і не адпавядаюць прынцыпам дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
Ліст Мінфіна РФ падпісаў намеснік міністра фінансаў Сяргей Старчак. У ім адзначаецца, што пытанне, якое ўздымае беларускі бок, варта разглядаць у рамках рэалізацыі "дарожнай карты" па збліжэнні падатковага заканадаўства краін.
Можна не сумнявацца, што ў Мінску з пазіцыяй расійскага Мінфіна не пагодзяцца. Яшчэ нядаўна Мінфін Беларусі ацэньваў сёлетнія страты нашай краіны ад "падатковага манеўра" на суму каля 400 мільёнаў долараў, у наступным годзе — яшчэ $400 млн. Але ў бліжэйшыя гады гэтая сума можа значна павялічыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.