Беларуску, затрыманую за запуск дрона ў Варшаве, адпусцілі

Дрон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
17-гадовую беларуску, затрыманую за запуск дрона ў цэнтры Варшавы, адпусцілі. Пра гэта паведамляе польская радыёстанцыя RMF 24.
Як стала вядома раней, дзяўчына па гэтай справе праходзіла ў якасці сведкі.
21-гадовага ўкраінца, затрыманага разам з ёй, чакала больш суровае пакаранне. Хлопца абвінавацілі ў парушэнні закона аб авіяцыі за запуск дрона ў зоне з абмежаваным доступам. Ён пагадзіўся заплаціць штраф у памеры 4000 злотых.
Таксама памежнікам было накіравана хадайніцтва аб высылцы грамадзяніна Украіны з Польшчы. Маладога чалавека даставяць на памежны пераход, дзе ён павінен будзе перасекчы мяжу. Суд пастанавіў забараніць яму ўезд у Польшчу ды іншыя краіны Шэнгенскай зоны на пяць гадоў.
Маладых людзей затрымалі 15 верасня. Яны запускалі дрон у цэнтры Варшавы. Беспілотнік заўважылі над урадавымі будынкамі і палацам Бельведэр, дзе размяшчаецца рэзідэнцыя польскага прэзідэнта. Спярша польскія сілавікі не выключалі версію, што маладыя людзі могуць працаваць на якую-небудзь з замежных разведак. Аднак урэшце прыйшлі да высновы, што парушэнне закону хутчэй за ўсё было ўчыненае ненаўмысна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.