Беларус спрабуе выбрацца з лагера для бежанцаў у Польшчы. Пакуль беспаспяхова

Цэнтр для бежанцаў у Бялай-Падлясцы / Google Maps
Алег дабраўся летам з Грузіі да Польшчы, каб атрымаць міжнародную абарону. Але ўсё пайшло не па плане: яго змясцілі ў закрыты лагер для бежанцаў, а калі ён паспрабаваў выбрацца адтуль — атрымаў адмову.
Суд не дазволіў Алегу пакінуць лагер, таму што ён нібыта "імкнецца толькі палепшыць свае жыццёвыя ўмовы шляхам іміграцыі і пастаяннага пражывання ў адной з краін ЕС, што, у сваю чаргу, апраўдвае здагадкі аб тым, што ён гатовы прадпрымаць любыя дзеянні для дасягнення гэтай мэты, нават насуперак дзеючаму ў гэтым аспекце заканадаўству".
Сам Алег называў гэтую фармулёўку "вельмі цынічнай".
"Як я магу палепшыць свае ўмовы без дакументаў, мне незразумела"
Пасля публікацыі на Еўрарадыё Алег (імя замененае) разам з польскімі і беларускімі юрыстамі падаў апеляцыю. Суд прайшоў без яго прысутнасці 20 жніўня, а рашэнне ён атрымаў 8 верасня — адмову.
Таксама ў гэты дзень ён атрымаў апавяшчэнне, што памежная служба і адміністрацыя будуць хадайнічаць аб працягу яго знаходжання ў лагеры. На дадзены момант, ён затрыманы на 60 дзён.

— Як яны гэта даказалі, я не ведаю. А раз я "прэтэндую на паляпшэнне ўмоў", то, значыць, напэўна я збягу куды-небудзь у Германію далей ці што маецца на ўвазе. Чаму я павінен уцячы, я таксама не вельмі зразумеў. Як я магу палепшыць свае ўмовы без дакументаў, мне незразумела. У апеляцыі я пісаў, што быў неаднаразова на тэрыторыі Еўрасаюза, у мяне было шмат віз. Я не парушаў ніякіх законаў знаходжання.
Медыцына для бежанцаў
Сваю просьбу аб пераводзе з лагера Алег таксама аргументаваў станам свайго здароўя. У адказе суд напісаў, што "насуперак довадам" ён прайшоў медыцынскае абследаванне ў аэрапорце Шапэна, падчас якога "была ўстаноўленая адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў для ўтрымання ў ахоўным цэнтры ўтрымання замежнікаў", а па неабходнасці, яму будзе аказаная медыцынская, у тым ліку, псіхалагічная дапамога на месцы.
"Якая можа быць псіхалагічная падтрымка прадастаўлена ў турме? Як яна можа кампенсаваць праблемы, звязаныя з перажытым гвалтам?", — рэагуе на гэта Алег.
У размове ў Еўрарадыё ён распавёў, што мае хранічныя хваробы страўніка і за час эміграцыі ў яго абвастрыліся праблемы са стаматалогіяй.

Алег сцвярджае, што ён змог бы лёгка знайсці працу ў Польшчы, а не жыць "на дапамогі". У яго ёсць сябры, якія могуць даць яму жыллё і паручыцца. А знаходжанне ў закрытым лагеры стварае шмат абмежаванняў для абароны сваіх правоў і вядзення справы.
— Нават проста атрымаць адваката, які б прадстаўляў мяне ў судзе, вельмі складана, таму што аформіць дамову з ім, знаходзячыся на волі і тут, гэта дзве вялікія розніцы. Не гаворачы ўжо пра тое, што абмеркаваць нейкія дэталі справы з адвакатам становіцца ў разы складаней.
Натуральна, адправіць з Польшчы чалавека, які знаходзіцца ў лагеры, нашмат прасцей, чым чалавека, які на волі і мае магчымасць адказваць на нейкія падазрэнні.
Атрымліваецца, што я знаходжуся ў стане, калі яны мне прад'яўляюць неабгрунтаваныя падазрэнні, і я фізічна не магу на іх адказаць. Мне здаецца, што яны ствараюць штучна гэтую сітуацыю, і потым яе ж выкарыстоўваюць.
Затрыманне неабгрунтаванае
Адразу пасля атрымання адказу суда прадстаўнік Алега ў Польшчы ў вытворчасці па прадастаўленні міжнароднай абароны накіраваў ліст польскай памежнай службе з просьбай не працягваць яго ўтрымання ў закрытым лагеры яшчэ на 120 дзён.
Па законе, іншаземец павінен быць вызвалены, калі на працягу 60 або 90 дзён з моманту прыняцця заявы орган першай інстанцыі — кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў — не вынес рашэння аб адмове заяўніку ў прадастаўленні міжнароднай абароны, за выключэннем выпадкаў, калі затрымка адбылася па віне замежніка.
У выпадку Алега, затрымкі ў разглядзе справы не было. Ён падаў дакументы, якія пацвярджаюць ягоны пераслед у Беларусі.
"Аднак да гэтага часу не быў дапытаны, а яго адвакату не была накіраваная позва для дачы каментароў па сабраных па справе доказах", — піша прадстаўнік.
Ён прыходзіць да высновы, што затрымка, з якой сутыкнуўся Алега, можа быць звязаная выключна з халатнасцю начальніка Упраўлення па справах замежнікаў.
“Па-першае, я не парушаў закону, па-другое, я прэтэндую на міжнародную абарону. Быццам бы абгрунтавана прэтэндую. У мяне ёсць доказы, у мяне ёсць хадайніцтвы, у мяне ёсць прычыны. І гэта павінна разглядацца па сутнасці. Але замест гэтага ўсё гэта ігнаруецца і ёсць нейкая неабгрунтаваная здагадка, што я нібыта хачу зарабіць на дапамогу для мігрантаў у 200 еўра ў месяц", — кажа Алег.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.