Лукашэнка прызнаў: Мікалай Статкевіч у Беларусі. Але дзе? Эфір

Уладзімір Нікляеў / Мікалай Статкевіч / Анатоль Лябедзька / svaboda.org
Знік Мікалай Статкевіч — адзін з самых вядомых палітыкаў, які ўсё жыццё змагаецца за незалежнасць Беларусі. Пасля здзелкі Лукашэнкі і Трампа яго разам з іншымі палітвязнямі павезлі ў Літву, аднак Статкевіч выйшаў на мяжы, патэлефанаваў жонцы Марыне Адамовіч і вярнуўся на Радзіму. Паўплываць на яго свядомы выбар не здолеў ніхто.
Праз некалькі дзён, 17 верасня, Лукашэнка прызнаў, што Статкевіч у Беларусі, але дзе менавіта і ў якім стане — не агучыў. Маўчаць і супрацоўнікі калоніі ў Глыбокім, дзе, паводле чутак, можа знаходзіцца палітык.
Сітуацыя выклікае моцнае абурэнне ўнутры краіны і за яе межамі. Лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская звярнулася да ЗША і еўрапейскіх партнёраў з просьбай і далей дамагацца вызвалення палітыка. Еўрапарламент і праваабаронцы называюць знікненне Статкевіча “гвалтоўным” і патрабуюць ад афіцыйнага Мінска адкрытай інфармацыі.
Тым часам унутры беларускай апазіцыі зноў напружанне. Выконваючы абавязкі старшыні партыі “Народная Грамада” (якую узначальваў Статкевіч) Яўген Вільскі піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра тое, што “офісныя” палітыкі не зрабілі дастатковых намаганняў на мяжы, каб дапамагчы Статкевічу застацца на волі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парламентскай супольнасцю Анатоль Лябедзька называе гэта “маніпуляцыяй” і лічыць неабходным праясніць сітуацыю.

Што сапраўды адбывалася на мяжы? Ці былі магчымасці паўплываць на лёс Мікалая Статкевіча? І чаму вакол гэтай гісторыі ўзнікае столькі супярэчнасцяў?
Пра гэта і не толькі размаўляем у эфіры Еўрарадыё.
Таксама закранем пытанне закрыцця межаў. Ці не скарыстаюцца літоўскія палітыкі прыкладам палякаў і што можна рабіць, каб не закрылі і літоўкую мяжу?
Эфір пачнецца а 13-й па Мінску, задавайце пытанні!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.