У Магілёве п’яны пенсіянер збіў работнікаў хуткай у апорным пункце міліцыі

64-гадовы п’яны хуліган з Магілёва прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за бойку з фельчарамі хуткай дапамогі, якую ўчыніў у апорным пункце міліцыі. Інцыдэнт адбыўся 13 жніўня. Спачатку мужчыну затрымалі на вуліцы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і нецэнзурную лаянку.

Падчас затрымання пенсіянер вёў сябе спакойна і прайшоў разам з праваахоўнікамі ў апорны пункт міліцыі па Пушкінскім праспекце. Там ён паскардзіўся на кепскае самаадчуванне і яму выклікалі хуткую. Калі прыехалі дзве жанчыны-фельчары, затрыманы зрабіўся агрэсіўным і кінуўся на медработнікаў з кулакамі.

Міліцыянтам давялося надзець на агрэсара кайданкі. Цяпер замест штрафу ці сутак за дробнае хуліганства яму пагражае зняволенне тэрмінам да трох год, паведамляе прэс-служба Магілёўскай абласной міліцыі.

Фота з архіву