У Лоеве паромную пераправу закрылі праз месяц пасля адкрыцця

Паром у Лоеве

Паром у Лоеве / tourister.ru

У Лоеве закрылі паромную пераправу праз Дняпро "Лоеў — Абакумы". Вядома пра гэта стала 16 красавіка, піша "Флагшток".

Паром мае вялікае значэнне для жыхароў так званай "зарэчнай зоны". Калі ён не працуе, жыхарам вёсак з іншага берага даводзіцца рабіць вялікі круг, каб трапіць у райцэнтр — у лякарню ці ў дзяржустановы. Ад крайняй кропкі — Абакумаў — аб'езд да Лоева складае амаль 130 кіламетраў.

Прычынай цяперашняга закрыцця пераправы стала паломка катара. Яе абяцаюць хутка выправіць.

Дарэчы, жыхарам "зарэчнай зоны" ўсё адно штогод даводзіцца рабіць вялізны круг, калі паромную пераправу зачыняюць на тры зімовыя месяцы. Сёлета яна пачала дзейнічаць 19 сакавіка, але не адпрацавала і месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.