У Літве дапамогу для бежанцаў з Украіны вылучалі і расіянам, і беларусам

Уцекачы ад вайны ў Літве

Уцекачы ад вайны ў Літве / LRT

Дапамога Еўрасаюза, прызначаная бежанцам ад вайны ва Украіне, дасталася ў Літве не толькі ўкраінцам, але і грамадзянам Беларусі і Расіі. Гэта выклікала скандал у краіне.

Бежанцы ад вайны ва Украіне атрымліваюць у Літве дапамогу не толькі ў выглядзе ежы, сродкаў гігіены, медыкаментаў, юрыдычных паслуг. Яны таксама навучаюцца літоўскай мове, іх працаўладкаванне субсідуецца. На інтэграцыю ўкраінцаў Еўрасаюз вылучыў у 2022-2023 гадах амаль 17 мільёнаў еўра ў рамках праекта "Дапамога ўцекачам ад вайны ва Украіне".

Але выявілася, што дапамогу атрымалі грамадзяне 43 краін, у тым ліку Расіі, Беларусі, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана ды іншых, піша LRT. Гаворка ідзе пра 813 чалавек, якія не з'яўляюцца грамадзянамі Украіны.

Куратарам праекта было агенцтва Еўрапейскага сацыяльнага фонду, заснавальнікам якога з'яўляецца дзяржава. Гэтае агенцтва адмініструе інвестыцыі ЕС у Літве. Інфармацыя пра атрыманне дапамогі грамадзянамі Беларусі і Расіі выклікала гнеў ва ўрадавых колах. У выніку знялі дырэктарку агенцтва Ліну Нявінскене, замяніўшы яе часовай дырэктаркай Аўдроне Алішаўскене.

Дзяржаўная служба кантролю патрабуе вярнуць больш за мільён еўра, выдаткаваных не на ўкраінцаў.

У самім агенцтве кажуць, што парушэнняў заканадаўства не было: у праграмах па навучанні літоўскай мове і субсідаваным працаўладкаванні маглі ўдзельнічаць сацыяльна ўразлівыя асобы, не абавязкова з Украіны. Таксама ў агенцтве сцвярджаюць, што асобаў, не адпаведных крытэрам, было не 813, а 484. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.