У Латвіі ў моры знайшлі аўтамабіль з беларускімі нумарамі
Аўтамабіль і мора / https://www.facebook.com/ltvzinas/
У Латвіі ў моры каля берага знайшлі аўтамабіль з беларускімі нумарамі. Людзей у легкавіку не было. Як піша Delfi, здарэнне адбылося днямі ў наваколлі Царнікавы ў Адажскім краі. На месца прыязджалі ратавальнікі і эколагі, якія высветлілі, што машына не ўяўляе небяспекі для навакольнага асяроддзя (уцечкі паліва не было). На бераг яе выцягнулі з дапамогай трактара.
Праводзіцца расследаванне. Кіроўцу чакае пакаранне за парушэнне правіл карыстання прыродным паркам — ён не меў права туды заязджаць. Паліцыі ўдалося высветліць асобу ўладальніка аўтамабіля, аднак яго дзяржаўная прыналежнасць не называецца.
Рынкавы кошт знойдзенага аўтамабіля складае ад 45 тысяч да 90 тысяч еўра, адзначае выданне.