У красавіку ў Беларусі павысіўся ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі ў красавіку 2015 года павысіўся на 0,1%. На 1 траўня ён складаў 1% да эканамічна актыўнага насельніцтва (роўна год таму было 0,5%). Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун.

Варта адзначыць, што сёлета ў нашай краіне з кожным месяцам расце зарэгістраванае беспрацоўе. Калі на 1 студзеня яго ўзровень складаў 0,5, дык на 1 лютага — 0,7%, на 1 сакавіка — 0,8%, на 1 красавіка — 0,9%. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не выключаюць, што гэтая тэндэнцыя захаваецца.

У рэгіёнах найбольшы ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя зафіксавалі ў Брэсцкай вобласці — у красавіку ён вырас з 1,1% да 1,3%, найменшы ў Мінскай вобласці (0,8%) і ў Мінску (0,5%).

На 1 траўня ў нашай краіне налічвалася 43 400 беспрацоўных, за месяц іх колькасць вырасла на 4 400 чалавек.

Фота: Fotolia