У Кіеве пракаментавалі прапанову Лаўрова па Беларусі
У Кіеве пракаментавалі прапанову міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова зрабіць Беларусь адным з "гарантаў бяспекі" Украіны. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў яе дзіўнай. Ён нагадаў пра ролю РБ у агрэсіі РФ супраць Украіны.
"У перамоўным працэсе ўдзельнічаюць два бакі, — кажа Падаляк. — ...Беларусь прапанаваная толькі расійскім бокам да абмеркавання. Некалькі дзіўная прапанова, улічваючы ролю Беларусі ў расійскай агрэсіі".
Міхаіл Падаляк лічыць, што Расія з дапамогай свайго саюзніка хоча "хоць нейкія дадатковыя ўмовы выставіць і ўзмацніць свае пазіцыі".
Пра тое, што "не можа быць перамоў без удзелу Беларусі", Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе 7 красавіка. "Міратворцам не можа быць Лукашэнка", — сказала Святлана Ціханоўская ў звароце да Уладзіміра Зяленскага.