У Італіі арыштавалі 15 пажарнікаў, якія самі падпальвалі лес
У сіцылійскім горадзе Рагуза паліцыя арыштавала 15 добраахвотнікаў пажарнай брыгады, якія самі і падпальвалі лес, перадае euronews.com. Пры дапамозе падпалаў валанцёры зараблялі сабе на жыццё: пры надзвычайных сітуацыях дзяржава выплачвала ім за дапамогу каля 10 еўра ў гадзіну.
Кіраўніцтва пажарнай аховы Рагузы заўважыла, што апошнім часам названая брыгада выязджала на выклікі ўтрая часцей, чым іншыя валанцёрскія атрады — 120 разоў.
Начальнік групы падпальваў лес, потым хтосьці з добраахвотнікаў ці іх сяброў і сваякоў паведамляў пра пажар. І брыгада прапаноўвала ратавальнікам сваю дапамогу.
Цяпер некаторых чальцоў групы вінавацяць у падпале, а ўвесь атрад — у махлярстве. Іх кіраўніка пасадзілі пад хатні арышт.
Гэтым летам у Італіі стаіць анамальная спёка. На поўдні краіны плошча лясных пажараў складае дзясяткі тысяч гектараў. Шкода ад стыхіі ўжо ацэньваецца ў больш чым 2 мільярды еўра.