У іміграцыйную турму ЗША трапіў адзін з лідараў страйкама "Беларуськалія"

Анатоль Бокун

Анатоль Бокун / AP

У іміграцыйны цэнтр для затрыманых у ЗША трапіў беларус Анатоль Бокун — адзін з лідараў страйкама "Беларуськалія". Пра гэта 23 верасня падчас стрыму Сяргея Ціханоўскага з сустрэчы з беларускай дыяспарай Нью-Ёрка расказаў адзін з прысутных, заўважыла Радыё Свабода.

У такім цэнтры трымаюць імігрантаў, пакуль не вырашаць, даваць палітычны прытулак ці не даваць.

Імя Анатоля Бокуна Свабода сапраўды знайшла на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША (U.S. Department of Homeland Security).

Бокун працаваў механікам на "Беларуськаліі", быў сустрашынёй страйкама прадпрыемства. Ён уваходзіў у групу, якая вяла перамовы ад імя страйкама з кіраўніцтвам кампаніі Yara, каб нарвежскі партнёр разарваў кантракт з "Беларуськаліем" за рэпрэсіі супраць страйкоўцаў. У 2020–2021 гадах мужчына адседзеў 100 сутак у ІЧУ ў Салігорску і Старых Дарогах.

Кіраўніцтва завода звольніла яго, абвінаваціўшы ў "парушэнні працоўнай дысцыпліны". Сам Бокун расцаніў звальненне як прыклад рэпрэсій за іншадумства. Пазней ён эміграваў у ЗША і падаў дакументы на атрыманне палітычнага прытулку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.