У Іллі ў атрад "народнага апалчэння" запісалі паляўнічых
Яны "ліквідавалі" дыверсантаў, сцвярджаюць прапагандысты / peramoga.by
У аграгарадку Ілля ў Вілейскім раёне стварылі атрад "народнага апалчэння" (адбылося гэта ў рамках вучэнняў з тэрабаронай). На здымках відаць, што амаль усе яны — мужчыны сталага ўзросту. Як піша раённая газета, ім давялося на вучэннях "процідзейнічаць" і "ліквідаваць" умоўную "дыверсійна-разведвальную групу", патруляваць вуліцы і ахоўваюць важныя аб'екты.
БЕЛТА дадае, што ў атрадзе 20 чалавек. Гэта пераважна паляўнічыя. Камандзірам прызначылі старшыню Ільянскага сельвыканкама Аляксандра Мікуцкага. "Я... з'яўляюся камандзірам народнага апалчэння ва ўмовах ваеннага часу", — удакладніў ён.
Атрады "народнага апалчэння" ствараюць у РБ з 2022 года. У іх прымаюць толькі лаяльных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі людзей (нярэдка былых міліцыянераў, вайскоўцаў, чыноўнікаў, паляўнічых), якім давядзецца дапамагаць міліцыі ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі" ў ахове розных аб'ектаў. Аднак, улічваючы нязначную колькасць лаяльных рэжыму грамадзян, гэтыя атрады не будуць шматлікія.
Міністр абароны Віктар Хрэнін абяцаў, што зброю атрымаюць толькі "свае" людзі.