У IBU назвалі ўмовы для ўдзелу беларускіх біятланістаў у Алімпіядзе-2026

Біятлон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) вызначыў рамкі для допуску беларускіх і расійскіх спартоўцаў да зімовай Алімпіяды 2026 года. Гульні пройдуць у Італіі з 6 па 22 лютага.
На Алімпіядзе-2026 змогуць выступіць не больш як па чатыры беларускіх і расійскіх біятланістаў (два мужчыны, дзве жанчыны). Аднак ёсць умова — набраць неабходныя кваліфікацыйныя ачкі на этапах Кубка свету ці Кубка IBU да сярэдзіны студзеня 2026 года.
Цяпер гэта немагчыма, бо пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе расійскія і беларускія біятланісты адхіленыя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах пад эгідай IBU.
"Без удзелу ў спаборніцтвах IBU (Кубку свету ці Кубку IBU) да Алімпійскіх гульняў wild card атрыманы быць не могуць. Правілы спаборніцтваў IBU не прадугледжваюць удзелу нейтральных спартоўцаў", — цытуе ТАСС заяву Міжнароднага саюза біятланістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.