У Гродне затрымалі блогераў, якія збіралі грошы на лячэнне цяжкахворага дзіцяці

Блогеры падчас адпачынку

Блогеры падчас адпачынку / МУС

Па падазрэнні ў махлярстве ў Гродне затрымалі дваіх блогераў, якія збіралі грошы на лячэнне цяжкахворага дзіцяці.

Як паведамляюць у МУС, гаворка ідзе пра 17-гадовага гродзенца і яго 37-гадовую партнёрку. Яны абвясцілі збор грошай і розыгрыш часткі з іх. Падпісчыкам за 10 рублёў давалі нумары ўдзельнікаў розыгрышу, у якім можна было выйграць смартфоны ці аўтамабіль.

"Арганізатары заяўлялі, што толькі малая частка атрыманых грошай будзе накіравана на куплю падарункаў, а ўсю астатнюю суму перададуць на лячэнне хлопчыка. З сабраных 1,5 мільёна рублёў, са слоў фігуранта, толькі 200 тысяч аддалі маме дзіця, 315 тысяч патрацілі на падарункі для ўдзельнікаў стрыму", — расказалі ў МУС.

Паведамляецца, што яшчэ каля мільёна сабраных рублёў фігуранты патрацілі на паездкі ў прэміяльныя туры на Мальдзівы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні ды іншыя забавы.

На відэа прэс-службы МУС затрыманы блогер кажа, што грошы збіраў на дапамогу васьмігадоваму Івану Стэцэнку. У хлопчыка дыягнаставалі мышачную дыстрафію Дзюшэна-Бекера. Дзеці з такім захворваннем паступова губляюць здольнасць хадзіць, стаяць, глытаць і дыхаць. Бацькі хлопчыка хочуць лячыць яго прэпаратам ELEVIDYS, які каштуе 2,9 млн долараў. Менавіта на яго і патрэбныя грошы.

На блогераў пачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.