У Гомелі тралейбус з пасажырамі вынесла на пешаходную дарожку (фота)
Здарэнне адбылося 28 студзеня каля 20:30.
Як паведамляе onliner.by, тралейбус 19-га маршруту сутыкнуўся з легкавой машынай Volkswagen. Пасля гэтага ён праехаў па траўніку і перагарадзіў пешаходную дарожку ў раёне прыпынку "Мікрараён Рэчыцкі". Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма. Відавочцы кажуць, што аўтамабіль без бачных прычын павярнуў перад тралейбусам на пустой дарозе.
Тралейбус атрымаў невялікія пашкоджанні, у легкавіка сур'ёзна пакамечаны бок.
У абласной ДАІ кажуць, што за рулём Volkswagen Polo знаходзіўся 39-гадовы кіроўца. Чаму ён вырашыў паварочваць направа ў двары з крайняга левага шэрагу, незразумела, мабыць, і яму самому. Пры гэтым ён не заўважыў тралейбус. Хуткасць аўто была невялікай, аднак гэтага хапіла, каб пасля ўдару апынуцца на зялёнай зоне.
На вадзіцеля аўтамабіля склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў манеўравання.


Фота — onliner.by