У Гомелі пачаўся суд над хлопцам, якога падазраюць у расправе над педагогам

У Гомелі пачаўся суд над хлопцам, якога падазраюць у расправе над педагогам

11 красавіка ў Гомелі пачаўся суд над 17-гадовым хлопцам, якога падазраюць у расправе над педагогам. Бок абвінавачання прытрымліваецца версіі забойства з асаблівай жорсткасцю з карыслівых меркаванняў, паведамляе тэлеканал “Беларусь 1”.

Як інфармавала Еўрарадыё, трагедыя адбылася ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна ў кастрычніку мінулага года. Цела 43-гадовай жанчыны Таццяны Дудкінай знайшлі ў двары ўласнага дома. Эксперты налічылі больш як 25 нажавых раненняў. Адразу ж пад падазрэнне трапіў 17-гадовы мясцовы жыхар. Праваахоўнікі сцвярджалі, што юнак быў нападпітку, ён дачакаўся, калі выйдзе з хаты жанчына і пачаў наносіць удары нажом. Настаўніца памерла на месцы.

Справу на адкрытым судовым пасяджэнні разглядае судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда. Маладога чалавека абвінавачваюць у крадзяжы (ч. 1 арт. 205 КК) і здзейсненым з асаблівай жорсткасцю з карыслівых памкненняў забойстве (пп. 6, 12 ч. 2 арт. 139 КК), паведамляе БЕЛТА.