У Гомелі асудзілі пратэстоўца, якога затрымалі ў Расіі і выдалі ў Беларусь
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля прысудзіў пратэстоўца Міхаіла Зубкова да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт 364 КК), паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
У верасні 2020-га Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі, яго затрымаў АМАП. І 15 сутак мужчына правёў у ІЧУ.
Пасля гэтага ён з'ехаў на працу ў Маскву. Там яго ў кастрычніку 2021 года і затрымалі. Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі выдаваць Зубкова ў Беларусь, але раcійскія органы гэта праігнаравалі.
Сваякі распавялі праваабаронцам, у чым вінавацілі гамельчука: "Следчая паказала жонцы фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў да супрацоўніка АМАП "бліжэй, чым трэба", і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць, ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП".
У справе фігуравалі тры эпізоды. Першы і другі выпадкі адбыліся 20 верасня 2020-га. Следства заяўляла, быццам Зубкоў азлоблена рэагаваў на заклікі праваахоўнікаў разыйсціся, калі яны не пускалі калону на праезную частку. Мужчына нібыта станавіўся ў баявую стойку, сціскаў кулакі. Таксама ён пагражаў і штурхнуў аднаго амапаўца рукой. А да другога падышоў са спіны і схапіў яго за бронекамізэльку, калі той спрабаваў затрымаць іншага пратэстоўца. У выніку пратэстоўцу ўдалося ўцячы.
Трэці эпізод адбыўся 27 верасня. Тады Зубкоў падчас мітынгу стаяў у счэпцы, "паводзіў сябе дэманстратыўна і грэбліва", ударыў супрацоўніка АМАП у грудную клетку.
Сам абвінавачаны на судзе віны не прызнаў. Па словах Зубкова, гэта былі мірныя мерапрыемствы, ён не меў намеру ўжываць да кагосьці гвалт, усё адбылося выпадкова.