У Дзярждуме Расіі абмяркуюць кандыдатуру новага пасла ў Беларусі

Дзяржаўная дума Расіі / duma.gov.ru
Камітэт Дзярждумы Расіі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі на пасяджэнні ў сераду абмяркуе кандыдатуру новага пасла ў Беларусі, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў камітэце.
Крыніца таксама пацвердзіла, што на пасаду кіраўніка дыпмісіі ў Мінску разглядаюць Яўгена Лук'янава, цяперашняга амбасадара Расіі ў Латвіі. Раней аб такім прызначэнні паведамляў "Коммерсант". Выданне сцвярджала, што кандыдатура нібыта ўжо ўзгодненая паміж афіцыйным Мінскам і Масквой.

У цяперашні час расійскую дыпмісію ў Мінску ўзначальвае Дзмітрый Мезенцаў. Аднак у сярэдзіне лютага рэсурс РБК пісаў пра тое, што Мезенцава могуць зрабіць Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы. Цяперашняму кіраўніку выканкама СД Рыгору Рапоце споўнілася 77 гадоў, і ён мае намер сысці ў адстаўку.
Пра патэнцыйнага новага амбасадара Расіі ў Мінску вядома, што яму 69 гадоў. Ён кар'ерны дыпламат, працаваў яшчэ ў МЗС СССР. Таксама мае досвед працы ў банкаўскай сферы і ў сферы бяспекі. У 2012-2016 займаў пасаду намесніка сакратара Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі. Апошнія чатыры гады ўзначальваў дыпмісію ў Латвіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.