У Брэсце рабочы адсудзіў у прадпрыемства 34 мільёны рублёў

Рабочы Сяргей Іваноў даказаў у судзе Ленінскага раёна горада Брэста незаконнасць яго звальнення два гады таму. Юрыдычную дапамогу яму аказаў Уладзімір Малей, прававы інспектар прафсаюза Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці па Брэсцкай вобласці.



Малей: "Іваноў мае захворванне. Кіраўніцтву гэтая акалічнасць падалася зручнай, каб пазбавіцца ад яго. Вырашылі звольніць па стане здароўя. Якраз напярэдадні Іваноў прайшоў перыядычны медыцынскі агляд. Камісія прызнала яго прыдатным. Інжынер па бяспецы працы пайшоў у бальніцу і дапісаў, што ў работніка ёсць абмежаванні па прыкмеце здароўя".



Акрамя фактаў незаконных дзеянняў адміністрацыі, выйграць суд дапамагло рашэнне экспертаў са сталіцы, якія палічылі, што Іваноў паводле стану на час звальнення мог выконваць свае абавязкі, сказаў спадар Малей.


Цяпер Галоўнае спецыялізаванае канструктарскае бюро мусіць сплаціць свайму былому працаўніку 33 мільёны 600 тысяч рублёў — яго сярэдні заробак за 10 месяцаў на апошнім месцы працы, а таксама 1 мільён рублёў за маральныя страты.



Дарэчы, на гэтым прадпрыемстве ужо была прэцэдэнтная справа. Слесар адсудзіў у ГСКБ 35 мільёнаў рублёў за траўму на вытворчасці.