У Брэсце пракуратура папярэдзіла яшчэ аднаго незалежнага журналіста

11 чэрвеня малады чалавек наведаў абласную пракуратуру (позву туды ён атрымаў напярэдадні). Хлябцу паведамілі пра недапушчальнасць супрацы з замежнымі CМІ без акрэдытацыі. Нагодай сталі две публікацыі, якія з'явіліся на сайце "Радыё Рацыя" яшчэ ў мінулым годзе.



Сам Максім Хлябец кажа, што згаданыя артыкулы нават не падпісаныя. Чаму праваахоўнікі вырашылі, што іх
напісаў менавіта ён, Хлябцу не патлумачылі.



Хлябец: "Адзін артыкул пра "Гуканне вясны", а другі — пра Дзень паэзіі ў музэі выратаваных каштоўнасцяў. Да аднаго з іх я ўвогуле ніякага дачынення не маю дакладна. Не ведаю, чаму яны яго "ўсунулі". У іх розніца ў тыдзень, думаю, што проста "пальцам ткнулі" — і ўсё".



Нагадаем, што сёлета ў Брэсце за супрацоўніцтва з "Радыё Рацыя" таксама быў папярэджаны журналіст-фрылансер Яўген Скрабец.
 

Фота — ria.ru