У Брэсце пасажыры ўгналі таксоўку

У Брэсце пасажыры ўгналі таксоўку

Незвычайна скончылася для брэсцкага таксіста начная паездка 8 сакавіка: яго аўтамабіль угналі пасажыры. Паведамленне гэта паступіла ў міліцыю каля 1-й гадзіны ночы.

Як паведамляе тэлеканал СТВ, таксовец вёз трох маладых людзей. Па дарозе адзін з іх хваліўся сваім крымінальным мінулым. Калі яны даехалі да месцы прызначэння, ён загадаў кіроўцу выйсці з машыны. Застаўшыся без аўто, таксіст затэлефанаваў у міліцыю.

Праваахоўнікі ўвялі ў дзеянне спецплан "Перахоп". Аўтамабіль у пашкоджаным ужо выглядзе даішнікі выявілі ў вёсцы Азяты Жабінкаўскага раёна. Туды іх выклікалі мясцовыя жыхары. Яны паведамілі, што па вёсцы ездзіць п'яны кіроўца на машыне без рэгістрацыйных знакаў. Як выявілася, угоншчыкі знялі не толькі нумары, але і апазнавальныя налепкі таксі.

Як высветлілася, угоншчыкам быў 28-гадовы раней судзімы за разбой, рабаванне, хуліганства брэстаўчанін. Разам з ім былі яшчэ два непрацуючыя жыхары Брэста — аднаму 25, другому 31 год. Прычым адзін з іх таксама прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Зламыснікі затрыманыя. На іх пачалі крымінальную справу. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.