У Брэсце на футбольны матч не пусцілі заўзятара з дзіцячай каляскай

У Брэсце на футбольны матч не пусцілі заўзятара з дзіцячай каляскай

У Брэсце міліцыя не прапусціла на футбольны матч заўзятара з дзіцячым вазком. Такую забарону праваахоўнікі аргументавалі тым, што ў запале барацьбы мяч можа патрапіць у каляску і нашкодзіць малому.

Пра гэты выпадак паведамляе афіцыйны Твітэр футбольнага брэсцкага “Дынама”. Сёння, 27 лютага, дынамаўцы гулялі таварыскі матч супраць мікашэвіцкага “Граніта” і мінімальна саступілі — 0:1.

Беларускія футбольныя фанаты неаднаразова заяўлялі пра неадэкватнасць міліцыі падчас матчаў і ўздымалі пытанне наконт правамернасці яе дзеянняў. У мінулым сезоне прыхільнікі клубаў “Нафтан”, “Белшына” і “Віцебск” абвясцілі байкот хатніх матчаў сваіх каманд на знак пратэсту супраць дзеянняў праваахоўнікаў.