У БПЦ заявілі, што ад яе імя рассылаюцца нейкія несапраўдныя паведамленні
"Часта яны імкнуцца знаходзіць болевыя кропкі грамадства" (ілюстрацыйнае фота) / ТАСС
Сінадальны інфармаддзел Беларускай Праваслаўнай Царквы заявіў, што ад яе імя, ад імя мітрапаліта Веніяміна і іншых афіцыйных прадстаўнікоў махлярамі рассылаюцца паведамленні. Якая інфармацыя ў іх утрымліваецца, не ўдакладняецца. У БПЦ бачаць у гэтай акцыі "наўмысныя правакацыйныя дзеянні з боку нядобразычліўцаў": "ад ашуканскіх намераў да спробаў унесці разлад і падзел у грамадства". Атрымліваецца, што БПЦ бачыць у згаданых рассылках і "палітыку".
Сцвярджаецца, што невядомыя тэлефануюць у месенджарах і сацсетках, з чужога ці падобнага на сапраўдны нумару, падрабляюць подпісы і пячаткі. "Часта яны імкнуцца знаходзіць болевыя кропкі грамадства, каб аказаць уздзеянне менавіта на іх, зламысна сеючы насенне разладу, у тым ліку на глебе міжнацыянальных і міжрэлігійных адносін", — адзначаюць у БПЦ. Відаць, яны звярнуліся ўжо з заявай у міліцыю.