У Беларусі зменяць будаўнічыя нормы ў сувязі з падзеннем дзяцей з вокнаў

У Беларусі зменяць будаўнічыя нормы ў сувязі з падзеннем дзяцей з вокнаў

У Беларусі зменяць будаўнічыя нормы дзеля датрымання бяспекі дзяцей. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у праграме “Буйным планам” на тэлеканале “Беларусь 1”, якая выйшла ў эфір увечары 8 верасня.

Паводле кіраўніка ведамства, ужо цяпер уносяцца карэктывы ў будаўнічыя нормы, згодна з якімі кожная ўстанова з масавым наведваннем дзяцей павінна будзе ставіць аконныя блокі толькі з дадатковымі сродкамі абароны — фіксатарамі або замкамі на вокны.

Наскевіч паабяцаў, што гэта будзе зроблена ў бліжэйшай будучыні, перадае БЕЛТА.

У апошнія два гады ў летні сезон пачасціліся выпадкі гібелі дзяцей, якія выпадалі з вокнаў на высокіх паверхах. Праўда, звычайна гэта здаралася не ў дзіцячых установах, а ў шматкватэрных дамах па месцы пражывання малых.

Нядаўна генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк прыгразіў крымінальнай адказнасцю прадаўцам маскітных сетак на вокны, якія рэкламуюць свой тавар як надзейны, але тым не менш менавіта ў кватэрах, дзе стаялі такія прылады, часцей за ўсё гінуць дзеці.