У Беларусі затрымалі расіян, якія вынеслі з банка 300 тысяч долараў

У Беларусі затрымалі расіян, якія вынеслі са сховішча банка ў падмаскоўных Хімках больш за 20 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 300 тысяч долараў). Здарэнне адбылося ў жніўні 2015 года. Высветлілася, што злачынства здзейснілі 21-гадовая супрацоўніца банка і яе 24-гадовы сужыцель. Іх спачатку аб'явілі ў федэральны вышук, а пасля — у міжнародны.
Спачатку зламыснікі хаваліся на Смаленшчыне, жылі ў палатцы. А калі пахаладала, прыехалі ў Беларусь, жылі ў Мінску. У беларускай сталіцы іх і затрымалі міліцыянеры пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення МУС "Алмаз". Мяркуецца, што частка скрадзеных грошай была дзесьці схаваная. Расіянам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер рыхтуецца іх экстрадыцыя на радзіму.