У Беларусі ўжо 617 палітвязняў

У Беларусі ўжо 617 палітвязняў

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек. Гэта — Андрэй Асаула, Аляксей Баяровіч, Таццяна Звярко, Дзяніс Іваноў, Іван Ківа, Артур Рыбін і Аляксандр Шчарбацюк. Іх справы названыя "палітычна матываванымі". Праваабарончая супольнасць патрабуе вызвалення палітзняволеных.

Асаула асуджаны судом Заводскага раёна Мінска па артыкулах "Абраза прэзідэнта", "Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" і "Абраза прадстаўніка ўлады" да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Баяровіч атрымаў год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за абразу кіраўніка дзяржавы ў сацсетцы. Прысуд вынес суд Смаргонскага раёна.

Звярко за абразу кіраўніка дзяржавы і "прадстаўніка ўлады" асуджана судом Лідскага раёна да аднаго года і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Іваноў атрымаў 2 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу таксама па артыкуле "Абраза прэзідэнта". Справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Ківа асуджаны судом Ленінскага раёна Магілёва за абразу міліцыянераў у сацсетцы да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Рыбін асуджаны Гомельскім абласным судом да трох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму за "хуліганства" і "распальванне варожасці". Ён зрабіў інсталяцыю з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі і напісаў абразлівы каментар у тэлеграме.

Шчарбацюк асуджаны судом Савецкага раёна сталіцы за абразу кіраўніка дзяржавы да аднаго года калоніі строгага рэжыму.

У нашай краіне ўжо 617 палітвязняў. Такой колькасці палітычных зняволеных у незалежнай Беларусі яшчэ не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.