У Беларусі ствараецца спецсуд

У Беларусі ствараецца адзіны эканамічны апеляцыйны суд. Пра гэта стала вядома па выніках сустрэчы ў панядзелак Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Як інфармуе БЕЛТА, новы суд будзе знаходзіцца ў Мінску і разглядаць апеляцыі па ўсіх эканамічных справах.
Па словах Сукалы, "асноўныя эканамічныя спрэчкі адбываюцца ў Мінску і Мінскай вобласці", таму працы ў суддзяў будзе дастаткова. На сённяшні дзень, кажа старшыня Вярхоўнага суда, склалася такая сітуацыя, калі эканамічныя абласныя суды разглядаюць спрэчкі ў першай інстанцыі. а пасля і апеляцыі. "Гэта не зусім правільна, хаця спрэчкі разглядаюць іншыя суддзі", — цытуе словы Валянціна Сукалы sb.by.
Цяпер жа гэтую функцыю ў абласных судоў забіраюць і перадаюць у "спецыяльны суд, які будзе адзін на ўсю краіну". Сукала лічыць, што новаўвядзенне "павысіць якасць разгляду эканамічных спрэчак". У ім будуць працаваць 20 вопытных суддзяў.
Мяркуецца, што суд створаць у 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.