У Беларусі прапануюць адну вакансію з заробкам 85 млн рублёў у месяц
І тры вакансіі з заробкам 45-49 млн рублёў. Пра гэта паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распаўсюдзіла інфармацыю пра вакансіі з заробкамі ад 30 да 85 мільёнаў рублёў у месяц. Шэсць іх з заробкамі 30-37 млн рублёў, тры — 45-49 млн.
Як паведамляе БЕЛТА, заробак 49 млн рублёў прапануюць у адной з кампаній Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, але гендырэктар мусіць мець досвед працы ў галіне лагістыкі і ведаць кітайскую мову. Мінскае ўнітарнае прадпрыемства шукае гендырэктара з досведам працы ў буйных будаўнічых арганізацыях і веданнем сербскай, славенскай і англійскай моваў. Абяцаюць заробак большы за 45 млн.
Авіякампанія "Белавія" прапануе заробак у памеры 45 млн рублёў для камандзіра паветранага судна. Веданне замежных моваў абавязковае. Аднаму з замежных прадпрыемстваў у Мінску патрабуецца 10 інжынераў-праграмістаў з веданнем англійскай і ўкраінскай моваў. Абяцаюць заробак 30 млн кожнаму.
Самы высокі заробак у Беларусі — 85 млн рублёў — прапануе адно з мінскіх прадпрыемстваў. Яму патрэбны дырэктар па тэхнічных пытаннях, які свабодна валодае англійскай і ўкраінскай мовамі.
Фота: Fotolia