У Беларусь даставяць новую партыю кітайскай вакцыны ад каранавіруса
За кітайскай вакцынай беларускія вайскоўцы паляцяць 9 лістапада / ВІА "Ваяр"
На гэтым тыдні ў Беларусь з Кітая даставяць чарговую партыю вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі, паведаміў у эфіры тэлеканала СТВ камандзір 50-й змешанай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі Андрэй Лук'яновіч. За грузам паляціць беларускі вайсковы борт.
"9 чысла запланаваны рэйс за чарговай партыяй вакцыны ў колькасці 2 мільёнаў 600 тысяч доз і 1 мільён 1 100 шпрыцаў", — распавёў Лук'яновіч.
Агульная вага грузу — 28 тон. Аб умовах пастаўкі нічога не паведамляецца.
Гэта ўжо чацвёртая маштабная пастаўка кітайскай вакцыны ў Беларусь. Апошні раз кітайскую вакцыну завозілі ў пачатку верасня. Тады 500 тысяч доз вакцыны Sinopharm кітайскі бок выдаў ў якасці бязвыплатнай дапамогі. Яшчэ мільён беларускі бок купіў.
Раней, нагадаем, у Мінску назіраліся праблемы з даступнасцю кітайскай вакцыны. Людзі скардзіліся, што ў паліклініках ім прапануюць толькі "Спутник V". Чыноўнікі тады патлумачылі, што Sinopharm дапушчаны для вакцынацыі цяжарных жанчын. Таму прэпарат пераразмяркоўваюць для вакцынацыі перш за ўсё цяжарных.