"Тут дыягназ ставіць трэба" — Латушка пра выступ Лукашэнкі

Павел Латушка

Павел Латушка

Выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды 3 ліпеня, Лукашэнка шмат увагі надаў сваім палітычным апанентам. У прыватнасці ён заявіў, быццам Павел Латушка ў паслявыбарчую ноч у жніўні 2020-га планаваў сабраць у цэнтры Мінска штаб Ціханоўскай і спаліць яго.

Латушка ў той час быў дырэктарам Купалаўскага тэатра і не рабіў палітычных заяваў. Каментуючы выступ Лукашэнкі, ён заявіў: "Паталагічны хлус Лукашэнка пераўзышоў самога сябе. У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і на свае вочы бачыў зарыва ад вогненных выбухаў гранат над цэнтрам Мінска, калі на ягоны загад пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў".

Свой каментар Латушка закончыў так: "Хоць мне падаецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба".

Таксама Лукашэнка апраўдваўся за нядаўняе вызваленне 14 палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага. Ён называў слёзы Ціханоўскага пастановачнымі, абзываў палітвязняў бандытамі і звяр'ём і заяўляў, што палітвязняў не катуюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.