Трэнера хакейнага "Нёмана" звольнілі за п'яную бойку ў аўтобусе?
Пасада галоўнага трэнера хакейнага "Нёмана" цяпер вакантная. Яе пакінуў Дзмітрый Краўчанка, найлепшы трэнер беларускага чэмпіянату мінулага сезону.
Як піша сайт tutgrodno.com, у хакейных колах ёсць дзве версіі звальнення трэнера. Афіцыйная — Краўчанка звольніўся па ўласным жаданні. Паводле неафіцыйнай, адстаўка трэнера выкліканая канфліктам у клубнай аўтобусе пасля адной з выязных гульняў. Заўзятары на форумах кажуць, нібы адбылася бойка, завадатарам якой стаў нецвярозы Дзмітрый Краўчанка.
Па чутках, кіраўніцтва клуба пайшло на кампраміс — або крымінальная адказнасць (у трэнера ўжо быў умоўны тэрмін), або звальненне па ўласным жаданні. Часовым выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера каманды прызначаны Эдуард Валіулін, які быў асістэнтам Краўчанкі.
Дарэчы, гродзенскі "Нёман" пад кіраўніцтвам Краўчанкі за апошнія тры сезоны тройчы быў з медалямі. Двойчы гродзенцы заваёўвалі срэбраныя медалі, у мінулым сезоне "Нёман" стаў пераможцам чэмпіянату.
Заўзятары каманды ў афіцыйнай групе "Нёмана" ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" выступілі супраць адстаўкі Краўчанкі.
Фота — tutgrodno.com