Трамп не прачытае ваш ліст — амерыканіст пра зварот Ціханоўскай

Дональд Трамп / EPA
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не прачытае словы Святланы Ціханоўскай, звернутыя да яго ў інтэрв'ю выданню Politico. Пра гэта заявіў амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі.
"На жаль, вымушаны расчараваць — ён не прачытае. Трамп наўрад ці надасць час тэксту ОСЦ у Politico. Ён таксама не прачытае абураныя (цалкам справядліва) каментары іншых прадстаўнікоў беларускіх пра-дэмакратычных інстытутаў у выгнанні. Ён нават не прачытае тлумачальную запіску офіса ў адказ абураным каментатарам. Разумею, у гэта цяжка паверыць, але часам трэба глядзець праўдзе ў вочы", — рэзка каментуе Пянькоўскі.
Як распавядала Еўрарадыё, некалькі дзён таму Ціханоўская заклікала Трампа не нармалізаваць сітуацыю гандлю палітвязнямі з боку Лукашэнкі. На яе думку, Лукашэнку "неабходна пакараць, а не заахвочваць". Гэтыя заявы выклікалі крытыку з боку іншых палітычных дзеячаў. У прыватнасці, сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў назваў іх крывадушнымі.
Каментуючы спрэчку, Пянькоўскі адзначае, што такія заявы прачытаюць хіба толькі нешматлікія амерыканскія чыноўнікі і дыпламаты, прызначаныя займацца Беларуссю. "Магчыма, нават не ўсё прачытаюць, а некаторыя — толькі ў кароткім пераказванні нейрасеткі. Прымуць да ведама меркаванні, і то ў лепшым разе", — дадае ён.
На думку эксперта, амерыканскія чыноўнікі будуць дзейнічаць у беларускім пытанні ў адпаведнасці з той палітыкай, якую ў гэты момант лічаць рацыянальнай і якая адпавядае больш шырокай геапалітычнай сітуацыі. Гэтаксама Штаты дзейнічалі і ў перыяд першага кіравання Трампа, гэтак жа дзейнічалі і пры прэзідэнцтве Байдэна.
Пянькоўскі дадае, што амерыканскаму ўраду бываюць карыснымі парады беларускіх палітэмігрантаў, бо дазваляюць дзейнічаць больш дакладна: "Напрыклад, з тымі ж санкцыямі: калі ёсць жаданне іх накладваць, экспертыза беларускіх дэмсілаў дазволіць хутчэй выбраць мэты. Ці — пра што ці пра каго варта таргавацца ў першую чаргу. /.../ Няпрошаныя, нясвоечасовыя або нерэлевантныя сітуацыі парады звычайна вельмі карэктна прымаюцца да ведама. Часам нават з ўдакладняючымі пытаннямі, каб паказаць зацікаўленасць. Амерыканцы, у большасці выпадкаў, вельмі ветлівыя і тактоўныя людзі.
Урад ЗША з'яўляецца найбольш кампетэнтным інстытутам па праблематыцы Беларусі з рэжымам Лукашэнкі, шмат у чым дзякуючы інстытуцыйнай памяці і кантынуітэту ведаў".
Эксперт рэкамендуе беларускім дзеячам не захапляцца фантазіямі і не мераць на сябе ролю новага Збігнева Бжазінскага. "Рэальнасць драматычна адрозніваецца ад такіх фантазій. Адкідваць рэчаіснасць дзеля належнага — значыць гарантавана дзейнічаць на шкоду, чым на карысць", — перасцерагае Пянькоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.