Трамп і Маск пасварыліся ў сацсетках

Дональд Трамп і Ілан Маск падчас выбараў

Дональд Трамп і Ілан Маск падчас выбараў / Reuters

Канфлікт паміж Дональдам Трампам і Іланам Маскам разросся і выплюхнуўся ў сацсеткі.

Пад канец траўня мільярдэр назваў "агідным" дзяржбюджэт, які распрацавала адміністрацыя Трампа, і заявіў, што пакідае Белы дом. У адказ Трамп на прэс-канферэнцыі сказаў, што расчараваны Маскам.

Пасля гэтага Маск у сваёй сацсетцы Х размясціў шэраг пастоў з крытыкай прэзідэнта ЗША. Мільярдэр заявіў, што без яго дапамогі Трамп прайграў бы выбары, а таксама працягнуў крытыкаваць закон аб выдатках і даходах. На яго думку, гэты закон вядзе да далейшага росту і так вялікага дэфіцыту бюджэту ЗША.

Таксама Маск напісаў, быццам Трамп фігуруе ў дакументах па справе Джэфры Эпштэйна, якога вінавацілі ў сутэнёрстве і схіленні непаўналетніх да сэкс-бізнесу. Паводле Маска, гэта і было "сапраўднай прычынай, па якой яны не былі апублікаваныя".

Трамп у адказ заявіў, што Маск "проста звар'яцеў". Таксама ён заклікаў спыніць дзяржаўныя субсідыі і кантракты кампаній Маска.

У выніку скандалу, як пішуць СМІ, акцыі Tesla за вечар панізіліся на 14%, або на 152 мільярды долараў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.