Сёння гродзенскі "Нёман" паспрабуе працягнуць "бронзавую" інтрыгу
У нядзелю пройдуць тры матчы чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе.
У першай шасцёрцы адбудзецца толькі адзін матч — у Гродне "Нёман" будзе прымаць "Гомель". Пачатак а 15-й гадзіне. Нагадаем, учора датэрмінова чэмпіёнам краіны стаў БАТЭ, які ў гасцях перамог "Тарпеда-БелАЗ" — 3:1. "Шахцёр" і мінскае "Дынама" згулялі ўнічыю 0:0.
У БАТЭ — 64 ачкі, "Шахцёр" мае 54, мінскае "Дынама" — 48, у "Нёмана" 43 ачкі і матч у запасе. У выпадку сённяшняга поспеху каманда Сяргея Саладоўнікава наблізіцца да дынамаўцаў на адлегласць 2 ачкоў і паспрабуе пазмагацца за бронзавыя медалі чэмпіянату.
У другой шасцёрцы, якая вядзе барацьбу за 7-12 месцы, у суботу "Нафтан" перамог "Дняпро" — 1:0. Сёння згуляюць "Славія" і "Мінск", "Белшына" і брэсцкае "Дынама". Калі мазырская каманда згубіць ачкі, яна страціць нават тэарэтычныя шанцы на захаванне месца ў вышэйшай лізе.
Спасылкі на відэатрансляцыі сённяшніх матчаў можна знайсці тут.