Супрацоўнік Wargaming: “Мы ў шоку ад таго, што “Леста” падтрымлівае вайну"

Фірмовая графіка гульні "Свет танкаў"

Фірмовая графіка гульні "Свет танкаў" / Леста Игры

“Да мінулага тыдня ніхто [у Wargaming] не ведаў, што "Леста" адкрыта падтрымлівае вайну. Для нас гэта стала сапраўдным шокам”. Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці распытала распрацоўшчыка World of Tanks пра сітуацыю з прызнаннем іх былых калег “экстрэмістамі” ў Расіі — нягледзячы на рэгулярную дапамогу расійскага войску і фільмы пра “герояў “СВА”.

Пра тое, што Wargaming прадала свае кампаніі ў Беларусі і ў Расіі, стала вядома ў ліпені 2022 года. Новым уласнікам беларускага СТАА "Гейм стрим" і расійскага ТАА "Леста" стаў Малік Хатажаеў. Да таго ён 12 гадоў займаў пасаду гендырэктара расійскай студыі.

Па словах нашага суразмоўцы, пасля “раздзелу маёмасці” маскоўскі офіс мэтанакіравана займаўся звальненнямі беларускіх супрацоўнікаў, замяняючы іх на спецыялістаў з расійскім грамадзянствам: “Гаворка ішла нават пра тое, каб беларускі офіс цалкам зачыніць і перавезці ўсё ў Расію, але проста не паспелі”.

Наша крыніца сцвярджае, што Wargaming і “Леста” даўно не супрацоўнічаюць і не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Хіба што абменьваюцца статыстыкай: “Мы з імі на нажах <...> Кампаніі распрацоўваюць кожная свае гульні на ўласны рынак. <...> "Халодная вайна" пачалася ў 2022 годзе, а цалкам разлад — у 2023-ым”.

3 чэрвеня 2025 года Таганскі раённы суд Масквы прызнаў кіраўніка “Лесты” Маліка Хатажаева ўдзельнікам “экстрэмісцкага аб’яднання” — разам з экс-кіраўніком Wargaming Віктарам Кіслым. Таксама суддзя пастанавіў канфіскаваць яе актывы на карысць дзяржавы. Падставай стала падтрымка, якую кампанія нібыта аказвае ўкраінскаму войску.

У адказ “Леста” апублікавала ліст, у якім пералічыла доказы “абазначэння свайго боку” — ад падзякаў і грамат за “неацэнную” і “бязмежную” “маральную падтрымку і матэрыяльную дапамогу” расійскім вайскоўцам да серыі фільмаў "Кажуць СВАе". А эксперты ў IT-сферы пачалі пісаць, што “адбылася жахлівая памылка”: суд змяшаў у адно “Лесту” і Wargaming, які базуецца на Кіпры і сапраўды адкрыта падтрымлівае Украіну.

Днямі стала вядома, што актывы “Лесты”, ацэненыя прыкладна ў $1,5 млрд (гэта больш, чым каштуе “ВКонтакте”), хочуць узяць пад кантроль інвестары, звязаныя з Крамлём. Фонд Gem Capital, па словах крыніц расійскага выдання “Вёрстка”, яшчэ ў 2024 годзе прапаноўваў выкупіць кантроль над “Лестай” за $500 млн. Але пачуўшы адмову, нібыта ініцыяваў атаку на кампанію, вынікам якой сталі “экстрэмісцкі” статус і нацыяналізацыя. Прадстаўнікі Gem Capital гэтыя абвінавачанні адмаўляюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.