Суд над журналістам за інтэрв'ю з футбалістам Васілюком перанеслі

У Брэсце перанеслі на невызначаны тэрмін суд над журналістам Алесем Ляўчуком. Яго вінавацяць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Разгляд адміністрацыйнага пратаколу мусіў адбыцца 26 чэрвеня у судзе Ленінскага раёна Брэста. Нагодай для справы стаў рэпартаж пра футбольны матч чэмпіянату Беларусі паміж брэсцкім "Дынама" і "Віцебскам", які прайшоў 3 траўня. Тэлеканал "Белсат" паказаў і кароткае інтэрв'ю з вядомым футбалістам Раманам Васілюком.

Як паведамляла Еўрарадыё, у судзе у якасці сведкі мусіў выступіць менавіта Васілюк. У матэрыялах справы прысутнічаюць яго сведчанні. Дынамавец пацвердзіў міліцыянерам, што, сапраўды, даваў Ляўчуку
каментар для "Белсату", але не бачыць у гэтым нічога дрэннага.

Вось што распавёў Еўрарадыё Алесь Ляўчук: "Калі я прыйшоў я ў памяшканне суда, мне патэлефанавалі з Ленінскага РАУСа і сказалі, што суд пераносіцца, бо нібыта не з'явіўся сведка (Васілюк — Еўрарадыё). Я пайшоў да кіраўніцтва суда, каб даведацца, што адбываецца насамрэч. Там мне адказалі, што да іх увогуле не прыходзілі ніякія матэрыялы справы".

Алесь Ляўчук мяркуе, што, магчыма, міліцыянеры дапрацоўваюць пратакол. Дата новага разгляду справы пакуль невядомая. Тым часам Ляўчук даведаўся, што супраць яго рыхтуецца яшчэ адзін
адміністрацыйны працэс усё па тым жа артыкуле — “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Па ім журналіста судзілі ўжо двойчы, ён атрымліваў шматмільённыя штрафы.

Фота: ria.ru