Суд над студэнткай, падпісанай на "экстрэмісцкія" каналы, доўжыўся тры хвіліны
У судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч, паведамляюць праваабаронцы. Суддзя Аляксандр Зінчук разглядзеў справу Яніны па арт. 19.11 КаАП за тры хвіліны.
Дзяўчына — дачка светлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Змітровічаў. Раніцай 25 кастрычніка Яніну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Пасля гэтага бацькам Яніны прыйшло паведамленне з невядомага нумару: "Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе Навабеліцкага раёна". У судзе бацькі даведаліся, што Яніну затрымалі за падпіску на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы. На судовае паседжанне іх не пусцілі.
Па словах бацькоў, суд па справе іх дачкі доўжыўся тры хвіліны. Суддзя Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай у распаўсюджванні інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць. Дзяўчына атрымала 15 сутак, свой арышт яна будзе адбываць ў гомельскім ІЧУ.
У Гомелі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы нібыта за падпіску на "экстрэмісцкія" каналы.