Суд Лондана: Пуцін, магчыма, мае дачыненне да забойства Літвіненкі

Каралеўскі суд Лондана назваў Андрэя Лугавога і Дзмітрыя Коўтуна верагоднымі забойцамі Аляксандра Літвіненкі. У чацвер, 21 студзеня, суддзя Роберт Оўэн агучыў сваё рашэнне па выніках публічных слуханняў па справе аб гібелі экс-супрацоўніка ФСБ Літвіненкі.
Справаздачу ён рыхтаваў амаль паўгода, адзначаюць брытанскія СМІ. Суддзя прыйшоў да высновы, што забойства Літвіненкі ў Лондане, верагодна, было ўхваленае тагачасным кіраўніком ФСБ Мікалаем Патрушавым і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Суддзя лічыць немагчымым, што Літвіненка прыняў радыеактыўны палоній-210 выпадкова ці для самагубства. "Я ўпэўнены, што ён быў наўмысна атручаны трэцімі асобамі", — перадае РБК словы сэра Оўэна.
Суддзя выказаў здагадку, што план па забойстве Літвіненкі быў распрацаваны за два гады да самога злачынства, у кастрычніку 2004 года, калі Лугавы і Літвіненка сустракаліся апошні раз.
Карэспандэнт The Guardian Люк Хардзінг паведамляе, што выснова суддзі пра "верагодную датычнасць" Уладзіміра Пуціна грунтуецца на сакрэтных дакументах брытанскіх спецслужбаў — у прыватнасці, былога працадаўцы Літвіненкі, знешняй разведкі Вялікабрытаніі MI6.
Забойства Літвіненкі, як лічыць суддзя, было санкцыянаванае ФСБ.